19 апреля 2019, 04:22
rubeende
logo

Чаусский

районный исполнительный комитет и совет депутатов

официальный сайт

213206, г. Чаусы, ул. Ленинская, 17
Приемная: 8 (02242) 78-733
E-mail: rikchausy@chausy.gov.by

Свята-Мікалаеўская царква, в. Благавічы

Сяло Благавічы размешчана ў 9 км. заходней г. Чавусы і ў 36 км. ад г. Магілёва, на некалькі ўзнёслым левым беразе невялікай рэчкі Плесны. У рукапісных крыніцах Благавічы згадваюцца з 1560 г. Першае згадванне ў архіўных дакументах аб існаванні Благавічскага праваслаўнага храма датуецца 20-мі гадамі 18 стагоддзя. Аднак не выключана, што храм у сяле існаваў раней. Па адных крыніцам — у 1715-1720 гг., а па іншых — у 1747-1781 гг., драўляная царква гвалтоўна была аднята ўніятамі.

З цягам часу, стараннасцю мясцовага абшарніка генерал-маёра Яна Мікалаевіча Рымскага-Корсакова, быў узведзены новы драўляны храм у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Час гэтай пабудовы ставіцца да 1794 г., альбо да 1797 г.

У 1858 г. замест трухлявай выбудавалі новую званіцу на ахвяраванні саміх вернікаў. З ведамасцяў вядома, што у 1860 г. драўляная Свята-Мікалаеўская царква заставалася яшчэ дужай у сценах, але дах і крысоў патрабавалі рамонту. Таму ў 1864 г. архітэктарам Моннертам Дзю-Ленам былі выраблены рамонтныя працы, а жывапіс выканана магілёўскім мяшчанінам Аляксандрам Кандрацьевічам Эльковічам. Да 1893 г. Свята-Мікалаеўскі храм знаходзіўся ў аварыйным стане. Акрамя гэтага, сам будынак з’яўляўся вельмі старым і малаўмяшчальным. У такім выглядзе заспеў царкву Іріней (Арда), біскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі падчас агляду храмаў Чавускага павета. Нягледзячы на тое, што ў склад Благавічскага прыходу ўваходзілі 7 вёсак у колькасці звыш 2400 душ, аднак ён з’яўляўся адным з бедных, таму ніяк не мог сабраць неабходнай сумы на пабудову новага храма.

У 1893 г., па рашэнню валаснога старшыны Кліма Рыжкова, сяляне найблізкіх вёсак напісалі прашэнне Магілёўскаму біскупу з прозьбай-хадайніцтвам перад Св. Сінодам аб вылучэнні неабходнай колькасці грошай на будаўніцтва, абавязваючыся вярнуць іх у плыні пяці гадоў. Просьбу вернікаў задаволілі толькі праз шэсць гадоў. У дакуменце, датаваным 10 сакавіка 1899 г., гаварылася, што па дакладу інжынера Паўлоўскага быў зацверджаны праект аб пабудове каменнай царквы ў в. Благавічы. Пабудова храма працягвалася чатыры гады і абыйшлася каля 20 тыс. руб. Асноўны капітал на будаўніцтва быў адпушчаны з Св. Сінода. План храма складзены епархіяльным архітэктарам П.Г.Камбуравым у старажытнарускім стылі з званіцай, разлічаны на 700 чалавек прыхажан.

31 кастрычніка 1904 года Стэфан (Архангельскі), біскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі ўрачыста высвянціў Свята-Мікалаеўскі храм.

Па дадзеных на 1915 год, Благавічскі прыход меў дзве прыпісныя драўляныя капліцы: адну пры Благавічскай цэрквы, а другую — ў вёсцы Каменка. Акрамя таго, у прыходзе існавала некалькі школ. Царкоўна-прыхадская школа знаходзілася ў сяле Благавічы (заснаваная ў 1887 г.) і два земскіх народных вучэльні: у вёсцы Цемравічы (з 1907 г.) і Атражжы (з 1911 г.). Агульная колькасць навучэнцаў складала 95 хлопчыкаў і 38 дзяўчынак. Варта адзначыць, што Благавічская школа з’яўлялася лепшай па поспехах вучняў і займала першае месца ў Чавускім павеце. Асоба адзначалася стараннасць у выкладанні Закона Божага святара Аляксея Смірнова.

У 1915 г. у Благавічскі прыход быў здзейснены хросны ход з цудатворным абразам Божай Маці Бялыніцкай. Як жылі вернікі Свята-Мікалаеўскага храма ў першыя гады пасля кастрычніцкага перавароту, пры багаборніцкай уладзе, прыходзіцца толькі здагадвацца, бо архівных сведчанняў аб гэтым перыядзе не захавалася. Вядома толькі тое, што богаслужэнні ў храме здзяйсняліся да 1937 года, а затым яго зачынілі і перадалі пад клуб і бібліятэку. Падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. вернікі адкрылі храм і сталі здзяйсняць богаслужэнні.

У 1961-1962 гг. Свята-Мікалаеўскую царкву ўлады зачынілі, царкоўнае начынне пагрузілі на два грузавікі і перавезлі ў в. Сухары. Купал і крыжы былі скінуты на зямлю. Доўгі час храм стаяў зачыненым, а затым у ім размясцілі клуб. Праз 40 гадоў, у 2002 г., калі ганенні на веру сышлі ў мінулае, жыхарам Благавіч вярнулі сілком адняты царкоўны будынак.

У цяперашні час у склад Благавічскага прыходу ўваходзяць вёскі: Цемравічы, Каменка, Цімохаўка, Атражжа, Антонаўка, Відлін, Машок і Самулкі.

Будынак крыжападобнай кампазіцыі, якая ўтворана роўнымі па вышыні бабінцам, бакавымі прыбудовамі і паўкруглай алтарнай апсідай, накрытымі пакатымі двухсхільнымі дахамі (над апсідай — конусападобны). Па восі ўвахода да бабінца прыбудаваны невялікі прытвор, які раней, верагодна, быў завершаны шатровай званіцай. Паміж рамёнамі трансепта і апсідай убудаваны невялікія паўкруглыя ў плане рызніцы, якія надаюць структуры будынка трохапсіднасць. З боку бабінца каля трансепта зроблены дадатковыя ўваходныя тамбуры, размешчаныя пад вуглом да асноўных восей будынка. Яны аформлены арачнымі парталамі з трохвугольнымі франтонамі. Над сяродкрыжкам узвышаецца вялікі васьмігранны барабан на чацверыку, накрыты пакатым шатром. Сцены атынкаваны, завершаны прафіляванымі карнізамі. Вокны на тарцах трансепта прамавугольныя з трохвугольнымі сандрыкамі, ў астатніх аб’ёмах — з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі, аздоблены ліштвамі ў выглядзе арак. Вуглы апрацаваны рустам і паўкалонкамі. Першапачатковы інтэр’ер пры перабудове зменены.

Обратная связь 

Разработка и сопровождение
МГКУП «ЦГИС», г.Могилев
© 2007-2018
Чаусский районный исполнительный комитет
Официальный сайт