Як расказаў а. Гжэгаж Ксёнжэк, піяр, пробашч парафіі п.т. НПМ-Маці Касцёла ў Чавусах, цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца ў Будславе і шырока вядомы ў 17-18 стагоддзях. Абраз у 1598 годзе быў падараваны ў Рыме Папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабой. Пасля яго смерці абраз дастаўся яго капеляну Ісаку Салакаю, пазней — даўгінаўскаму вікарыю, які праз нейкі час ахвяраваў яго будслаўскаму касцёлу.
Абраз стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся рознымі цудамі. Гісторыя і цуды абраза былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі». Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 годзе — вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад падучай хваробы, якая мучыла яго сем гадоў. Зеляевіч апісаў 42 цудоўныя аздараўленні з дапамогай абраза. Ён таксама згадваецца ў кнізе А. Каяловіча аб літоўскіх святынях, у еўрапейскіх кампендыумах В.Гумпенберга. Неназваныя кнігі пра абраз пералічаны ў вопісе кляштарнай бібліятэкі за 1822 год. Тут у гэты час яшчэ захоўвалася рукапісная кніга цудаў Маці Божай Будскай, а таксама тры гравёрныя дошкі з выявай абраза.
Будслаўскі абраз карыстаўся шанаваннем найперш у літоўскай правінцыі бернардынцаў, у некаторых касцёлах асобныя алтары былі прысвечаны Маці Божай Будскай (напрыклад, у Магілёве). Са скасаваннем ордэна бернардынцаў касцёл застаўся парафіяльным, але прапаганда культу абраза аслабла. Тым не менш, у міжваенных «Каталогах Віленскай Дыяцэзіі» сярод 10 касцёлаў з цудадзейнымі абразамі Маці Божай згаданы і будслаўскі. У наш час Маці Божая Будслаўская становіцца агульнабеларускай святыняй, сведчаннем чаго з’явілася каранацыя абраза 2 ліпеня 1998 года.
З 1992 года адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.