На чарговым пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх, якое адбылося на гэтым тыдні, былі заслуханы планы мерапрыемстваў служб і ведамстваў па арганізацыі летняй занятасці навучэнцаў, прадстаўленне пракуратуры аб ухіленні парушэнняў заканадаўства ў плане папярэджання правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў, а таксама разгледжана 7 адміністратыўных спраў (крадзяжы, распіццё спіртных напояў) і 3 матэрыялы аб неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў.
Учора прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае дню ўтварэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Традыцыйна ў гэты дзень хлопчыкаў і дзяўчынак прымалі ў піянеры, перад імі выступілі прадстаўнікі раённай улады, ветэраны піянерскага руху. Фотарэпартаж з мерапрыемства будзе змешчаны ў адным з наступных нумароў «Іскры».
Сезон турысцкіх паходаў адкрыўся раённымі спаборніцтвамі па тэхніцы пешаходнага турызму сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, якія прайшлі ў лясным масіве ля ракі Проня. У праграме спаборніцтваў, як заўсёды, было праходжанне кароткай і доўгай дыстанцыі, розныя конкурсы.
Учора сямейная група «Світачы» выступіла з канцэртнай праграмай «Добры настрой» перад жыхарамі аграгарадка Дужаўка, а сёння яна прымае ўдзел з аўтарскай праграмай кіраўніка калектыва В.Маўчан у 2-м абласным свяце паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», што праходзіць у в.Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна, на радзіме паэта А.Пісьмянкова.
Народны калектыў «Раніца» з Каменкі і творчая група «Расцяначка» з Гарбавіч пабывалі з выязнымі канцэртамі ў аграгарадках Вусце і Лёўкаўшчына.
У мэтах папярэджання і прафілактыкі парушэнняў Правілаў дарожнага руху і дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам людзей ва ўзросце старэй 60 гадоў з 20 па 24 мая праводзілася акцыя «Увага — узрост!».
Сацыяльна-педагагічны цэнтр аддзела адукацыі змяніў адрас: зараз ён размяшчаецца ў будынку цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па вул. Пралетарскай.