З 1 жніўня бягучага года з мэтай аптымізацыі сеткі лячэбных структурных падраздзяленняў ЦРБ і рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў па рашэнні райвыканкама закрываюцца Жаліўскі, Цемравіцкі, Кузьмініцкі і Забалацкі фельчарска-акушэрскія пункты. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў гэтых населеных пунктах будзе ажыццяўляцца сіламі медработнікаў раённай паліклінікі і блізляжачых ФАПаў.
У сераду прайшоў раённы семінар-нарада па жывёлагадоўлі з удзелам кіраўнікоў і зааветспецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. Былі падведзены вынікі работы галіны за першае паўгоддзе, а таксама на базе СВК «Светлы шлях» разгледжана пытанне «Аб мерах па недапушчэнні заноса і распаўсюджвання выпадкаў захворвання яшчурам успрымальных відаў жывёлы».
З 24 ліпеня па 23 жніўня ў арганізацыях малога прадпрымальніцтва раёна будзе праходзіць месячнік бяспечнай працы. У яго рамках плануецца правесці комплекс адпаведных мерапрыемстваў, накіраваных на ахову працы.
У чацвер у новым жылым мікрараёне Чавус работнікі раённага цэнтра культуры і вольнага часу правялі гульнева-забаўляльную праграму і міні-канцэрт. У мерапрыемстве прынялі ўдзел не толькі дзеці, але і дарослыя.
Як ужо паведамлялася, у сераду на гарадскім стадыёне ў рамках чэмпіянату Магілёўскай вобласці па футболу адбылася гульня паміж чавускай камандай «Ніва» і камандай Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. Нашы спартсмены прайгралі ў пенальці з лікам 4:2.