Гасцей сустракалі хлебам-соллю на мяжы Чавускага і Дрыбінскага раёнаў. А тым часам, нягледзячы на дождж, у чаканні ўдзель-нікаў экспедыцыі на ўскраіне горада ўжо сабралася шмат народу — вернікі, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. І вось у 17 гадзін аўтобус з паломнікамі ў суправаджэнні аўтамашыны Дзяржаўтаінспекцыі прыбыў у Чавусы. Тут жа адбыўся ўрачысты мітынг. Ад імя прымаючага боку выступіў старшыня райвыканкама А.А. Мацюлін. Як ён адзначыў, ужо сама назва экспедыцыі, мэта якой — міжканфесійнае аб’яднанне, кансалідацыя розных слаёў насельніцтва, сведчыць аб непадзельнай сувязі духоўнасці і асветы. Культура, пісьменства беларускага народа былі народжаны хрысціянствам. У гістарычнай памяці беларусаў беражліва захоўваюцца імёны тых людзей, жыццё і творчасць якіх натх-няюць многія пакаленні і памнажаюць духоўную спадчыну. Сярод іх і шмат нашых землякоў. Выступаючы выказаў словы падзякі арганізатарам і ўдзельнікам экспедыцыі, якія нясуць нашым людзям лепшыя традыцыі нацыянальнай культуры, друкаванага слова і духоўнасці. Багацце ж любога народа вымяраецца не толькі матэрыяльнымі выгодамі, але і культурнай спадчынай, духоўным адраджэннем.
А.А. Мацюлін перадаў ўдзельнікам экспедыцыі мяшэчак з асвячонай чавускай зямлёй для паяднання яе ў Садах Малітвы на маршруце і ў сталіцы Дня беларускага пісьменства — горадзе Быхаве.
Затым выступіла кіраўнік экспедыцыі, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаурэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», пісьменніца Н. Загорская, якая вітала ўдзельнікаў мітынгу такімі словамі: «Гасподзь прыйшоў у выглядзе Агню на вашу богаабраную зямлю». Яна гаварыла аб адзінстве славянскіх народаў і іх культур, аб тым, што духоўнасць, як і Благадатны Агонь, нясуць у сабе святло, якое мацуе дух народа. Расказала аб Святынях, якія вязуць з сабой паломнікі. Імі на шляху экспедыцыі асвячаюцца месцы славы, розныя помнікі з нагоды гістарычных падзей, значных для нашага народа.
Пратаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабора г. Мінска, галоўны захавальнік Благадатнага Агню ад Гроба Гасподня Сергій Гардун асвяціў Ім прысутных. Пасля гэтага прайшоў Хрэсны ход па вуліцах Першамайскай і Фрунзе ў напрамку да Свята-Узнясенскай царквы, дзе адбыўся малебен. Непагасная Лампада Духоўнасці была ўнесена ў алтар, Загор’е-Сталавіцкая ікона Прасвятой Багародзіцы — устаноўлена на аналой пасярод царквы (зрэшты, кожны мог зрабіць ахвяраванне ў скарбонкі экспедыцыі на пабудову Свята-Пакроўскага храма ў гонар гэтай Іконы на святым полі каля вёскі Загор’е, куды Яе затым мусяць вярнуць з Мінску). Калі малебен скончыўся, пратаіерэй Сергій выступіў з пропаведзю. Ён расказаў аб тым, як з Іерусаліма ў Маскву Благадатны Агонь ад Гроба Гасподня несла міжнародная экспедыцыя «Негасимая Лампада Духовности» па благаславенні свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсея Русі Аляксія ІІ на Міжнароднае свята славянскага пісьменства і славянскіх культур у 1992 годзе. І ад Яго 21 мая 1992 года была запалена Непагасная Лампада Духоўнасці ў алтары Свята-Духава кафедральнага сабора, якая штогод з экспедыцыяй вандруе па абраным маршруце, каб асвячаць дзеля духоўнага ўзбагачэння. Свята-Узнясенскай царке была перададзена копія Загор’е-Сталавіцкай іконы Прасвятой Багародзіцы.
Потым Благадатны Агонь быў вынесены з алтара на свечках да прыхажан, і кожны з іх мог запаліць сваю свечку, каб прынесці яго дадому і асвяціць гэтым сімвалам духоўнага ачышчэння сваё жытло, блізкіх людзей. На тэрыторыі Свята-Узнясенскай царквы быў пасаджаны Сад Малітвы.
У гэты ж дзень удзельнікі экспедыцыі «Дарога да святыняў» наведалі Расцянскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, правялі сустрэчу з творчай інтэлігенцыяй нашага раёна ў дзіцячай школе мастацтваў і мастацкіх рамёстваў, а раніцай наступнага дня рушылі далей па сваім маршруце.