Радавалі вока творы дэкаратыўна-пракладнога мастацтва, прадстаўленыя на першы этап штогадовага конкурсу «Шукаем таленты». Дэманстравалі натхненне майстроў вырабы, прадстаўленыя М.Т.Пехцеравай, якая выдатна вяжа кручком, А.Палуян прадставіла работы з тканіны, О.В.Кавалёва з Петухоўкі прадэманстравала тканыя ручнікі, а А.Э.Смірнова з Чавус парадавала прысутных карцінамі, вышытымі бісерам. Работы ў стылі габелен прадставілі на конкурс члены раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі «Дапамога дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» С.В.Анікеенка і М.Г.Басалбасаў.
Разнастайнай была і выстава, арганізаваная выхаванцамі Чавускай раённай школы рамёстваў. Тут былі і інкрустацыя саломкай, і работы ў стылі бацік, і керамічныя вырабы.
Новую канцэртную праграму прадставіў на суд гледачоў народны ансамбль народнай песні «Раніца» з Каменкі. Творчай групай раённага цэнтра культуры і вольнага часу таксама былі падрыхтаваны разнастайныя канцэртныя нумары. Але сапраўднай інтрыгай свята стала імя пераможцы ў конкурсе «Іграй, гармонь, гучы, прыпеўка!» У гэтым годзе ў ім удзельнічалі 26 аматараў народнай музыкі і спеваў. Кожны з іх хацеў спадабацца гледачам, таму нумары атрымаліся арыгінальнымі і вясёлымі. А лепшым гарманістам журы прызнала В.С.Гаўрыловіча з забалацця, які ў свае 88 гадоў уразіў усіх прысутных энергічнасцю і майстэрствам грання на гармоніку. Пераможцай у конкурсе прыпевак стала Т.І.Манкевіч з Чавус. Асобным прызам журы і гледачы адзначылі дзіцячы дуэт з Каменкі у складзе Дар’і Наважылавай і Валерыі Жыркевіч. Актыўнымі ўдзельнікамі свята сталі маленькія жыхары нашага горада. Для іх была наладжана гульнёва-забаўляльная праграма, што праводзілі казачныя персанажы Вясна і Скамарох, у ролі якіх выступілі Л.Хацятоўская і Т.Галанава. А вялізныя гелевыя шары з выявамі любімых персанажаў мультфільмаў і, вядома, папкорн і іншыя прысмакі, набытыя бацькамі, дабавілі ўсмешак на дзіцячыя тварыкі і пачуцця сапраўднага свята, якое запомніцца надоўга.