VI рэгіянальны фестываль паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну» прайшоў на малой радзіме вядомага паэта.
У зале маладзёжнага цэнтра культуры і вольнага часу «Міраж» размясцілася інфармацыйна-літаратурная выстава, прысвечаная Аляксею Пысіну. Майстар-клас «Рождаются стихи на свет…» правяла кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Кісель. Музычным падарункам гасцям стаў песенна-паэтычны конкурс «Беларусь — мая Радзіма!», у якім прынялі ўдзел 29 паэтаў-аматараў з Магілёўскай вобласці.
Дырэктар Краснапольскай цэнтральнай бібліятэкі імя М. Ткачова Алена Раманенка адзначыла:
— Землякі лічаць Аляксея Васільевіча заснавальнікам паэтычных традыцый на Краснапольшчыне і робяць усё магчымае, каб яны захоўваліся і працягваліся. З гэтай нагоды вось ужо больш за 40 гадоў на малой радзіме паэта ў Палужскай школе, якую калісьці скончыў творца, працуе літаратурны музей. У 2010 годзе рашэннем Краснапольскага райвыканкама заснавана спецыяльная прэмія імя А. В. Пысіна. Раённая бібліятэка на працягу не аднаго дзясятка гадоў ладзіла творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і вечарыны, прысвечаныя жыццю і творчасці выбітных землякоў, сярод якіх яркай зоркай ззяе імя Аляксея Пысіна. І не дзіва, што з цягам часу паэтычныя сустрэчы ператварыліся ў раённае паэтычнае свята.
SB.by